
Выстава «Імя ў летапісе. Еўфрасіння Полацкая»
- Details
- Створана 02.06.2026 08:06
Сярод вядомых дзеячаў беларускай культуры асаблівае месца займае імя Еўфрасінні Полацкай. З ёй суадносіцца не толькі духоўнае жыццё на ўсходнеславянскіх землях у XII стагоддзі, але і ўся шматвяковая гісторыя Беларусі.
Унучка полацкага князя Усяслава, «яко луча солнечная», якая прасвяціла зямлю полацкую, святая заступніца Беларусі Еўфрасіння Полацкая яшчэ на пачатку беларускай гісторыі прызнала вялікую ролю асветы і аддала ёй усе свае здольнасці і жыццёвыя сілы. Частка перапісаных ёю кніг лягла ў аснову кляштарных бібліятэк Полацкага княства. Вялікі размах распаўсюджванню пісьмовага слова надала Еўфрасіння Полацкая, калі заснавала жаночы, а пасля і мужчынскі манастыры, дзе былі адкрыты скрыпторыі – майстэрні па перапісванні кніг. Запаветнай марай асветніцы была педагагічная праца, адукацыя народа, навучанне простых людзей грамаце, стварэнне вучылішчаў і школ.
У аддзеле рэдкай кнігі ў рамках праекта «Рарытэт кранаць дазваляецца!» прадстаўлена выстава «Імя ў летапісе. Еўфрасіння Полацкая», прымеркаваная да 925-годдзя з дня нараджэння Еўфрасінні Полацкай.
У экспазіцыі прадстаўлены рарытэтныя выданні, прысвечаныя жыццю і дзейнасці асветніцы, у тым ліку адна з найстарэйшых кніг у бібліятэцы – праца Канстанціна Сербіновіча «Гістарычныя звесткі пра жыццё прападобнай Еўфрасінні, княжны Полацкай, з Апісаннем і выявай крыжа, прынесенага ёю ў дар Полацкай Спаскай абіцелі».
Упрыгожаннем выставы стала факсімільнае выданне рукапісу XIV ст. «Жыція блажэннай Еўфрасінні, ігуменні манастыра Уседзяржыцеля Святога Спаса ў горадзе Полацку» (2012), аднаго з найкаштоўнейшых помнікаў старажытнабеларускай літаратуры і агіяграфіі. Духоўныя подзвігі прападобнай Полацкай князёўны-ігуменні адлюстраваны ў Жыціі, складзеным у канцы XII ст. невядомым аўтарам.
На выставе таксама прадстаўлена факсіміле найвялікшага помніка духоўнай культуры і пісьменства, першакнігі Беларусі – Полацкага Евангелля XII ст.
Выстава «Імя ў летапісе. Еўфрасіння Полацкая» працуе да 30 чэрвеня 2026 года.







































