
Фестываль «Слова без межаў»: паэтычны дыялог паміж Беларуссю і Расіяй
- Details
- Створана 18.06.2025 09:30
У рамках святкавання Дня горада Віцебска 26 чэрвеня 2025 года ў 12:00 адбудзецца першы з запланаваных майстар-класаў фестывалю «Слова без межаў», арганізаванага Саюзам пісьменнікаў Масквы, Смаленскай абласной універсальнай навуковай бібліятэкай імя А. Т. Твардоўскага і Віцебскай абласной бібліятэкай імя У. І. Леніна.
Мерапрыемства стане пляцоўкай для паэтычнага дыялогу паміж прадстаўнікамі бібліятэчных літаратурных аб'яднанняў. Мэта фестывалю – выяўленне і падтрымка таленавітых аўтараў, чые творы здольны ўзбагаціць мастацкую культуру Беларусі і Расіі. Арганізатары імкнуцца павысіць сацыяльную значнасць сучаснай літаратуры, звярнуўшы асаблівую ўвагу чытачоў на яркія ўзоры паэтычнага майстэрства.
Фестываль дае магчымасць непрафесійным паэтам прадэманстраваць свае работы ў чатырох намінацыях: «Тихая моя родина» (вершы пра родны край), «Любви все возрасты покорны» (вершы пра каханне), «Люди – родина моя» (вершы пра сям'ю) і «Твои добрые молодцы – вся опора в годину невзгод» (патрыятычныя вершы). Гэтыя тэмы адлюстроўваюць ідэалы чалавекалюбства і маральнасці, што робіць іх актуальнымі ў сучасным літаратурным кантэксце.
Удзел у фестывалі адкрыты для ўсіх жадаючых, незалежна ад узросту, грамадзянства ці нацыянальнасці. Важная ўмова – адсутнасць афіцыйнага членства ў прафесійнай пісьменніцкай арганізацыі.
Адбор твораў будзе праходзіць у два этапы. На першым этапе пасля прагляду ўсіх заявак ва ўсіх намінацыях экспертная камісія сфарміравала лонг-ліст з 115 вершаў. Члены журы правядуць выязныя пасяджэнні ў рэгіёнах, арганізуючы майстар-класы і творчыя чытанні, на падставе якіх будзе складзены кароткі спіс фіналістаў.
Лаўрэаты і дыпламанты ў кожнай намінацыі будуць вызначаны па выніках галасавання прафесійнага журы і гледачоў. Фінальнае мерапрыемства з выступленнем і ўзнагароджваннем пераможцаў адбудзецца ў Смаленску ў кастрычніку 2025 года.
Фестываль «Слова без межаў» – гэта не проста конкурс, а важная падзея, якая садзейнічае развіццю творчага патэнцыялу паэтаў памежных абласцей у першую чаргу, а таксама Беларусі і Расіі ў цэлым. Ён задуманы для стварэння камфортнай атмасферы для абмену вопытам, натхнення і творчага росту. Гэты праект стане значным укладам у развіццё прафесійнага і культурнага дыялогу паміж Віцебскай і Смаленскай абласнымі бібліятэкамі і прыцягне ўвагу да сучаснага паэтычнага мастацтва.