
Выстава «Пяром і малітвай», прысвечаная 900-годдзю Спаса-Ефрасіннеўскага манастыра
- Details
- Створана 15.05.2025 16:13
У 2025 годзе Беларуская Праваслаўная Царква адзначае шмат юбілейных дат, сярод якіх асаблівае месца займае 900-годдзе заснавання Полацкага Спаса-Еўфрасіннеўскага манастыра – аднаго з найважнейшых духоўных цэнтраў Беларусі.
Гэты ўнікальны праваслаўны манастыр быў заснаваны першай беларускай святой – прападобнай Еўфрасінняй Полацкай, якая з'яўляецца нябеснай заступніцай краіны.
Урачыстае адкрыццё кніжнай выставы «Пяром і малітвай», прысвечанай шматвяковай гісторыі Спаса-Еўфрасіннеўскага манастыра, адбылося 13 мая ў абласной бібліятэцы. Мерапрыемства сабрала прадстаўнікоў духавенства, вучоных, жыхароў горада і гасцей, зацікаўленых у вывучэнні багатай гісторыка-духоўнай спадчыны рэгіёну.
Прывітальныя словы архіепіскапа Віцебскага і Аршанскага Дзімітрыя агучыў вікарый Віцебскай епархіі, епіскап Друцкі Еўсевій, які падкрэсліў значэнне святой Еўфрасінні для духоўнага жыцця краіны і яе ролю як захавальніцы нацыянальнай культуры.
Пасланне ад настаяцельніцы Спаса-Еўфрасіннеўскага стаўрапігіяльнага жаночага манастыра ігуменні Еўдакіі (Ляўшук), якая выказала падзяку за захаванне і папулярызацыю гісторыка-духоўнай спадчыны святой Еўфрасінні, перадала прысутным манашка Іусціна.
Пасля адкрыцця і знаёмства з выставай госці абмеркавалі актуальныя пытанні гістарычнага і культурнага значэння Спаса-Ефрасіннеўскага манастыра. У фармаце круглага стала ўдзельнікі вызначылі напрамкі далейшай даследчай і асветніцкай дзейнасці, якая вывучае спадчыну прападобнай Еўфрасінні Полацкай.
Галоўны спецыяліст упраўлення культуры Віцебскага аблвыканкама Дзяніс Юрчак у сваім дакладзе «Спаса-Еўфрасіннеўскі манастыр як гісторыка-культурная каштоўнасць» падкрэсліў важнасць захавання і папулярызацыі гэтага ўнікальнага помніка, а таксама адзначыў неабходнасць правядзення далейшых даследаванняў і рэалізацыі асветніцкіх праектаў для павышэння дасведчанасці пра яго значэнне.
Манастыр адыгрывае значную ролю ў распаўсюджванні ведаў, культуры і духоўных каштоўнасцей, што робіць яго важным звяном у жыцці грамадства. У сваім выступленні манашка Іусціна падзялілася важнымі аспектамі працы манастыра ў сферы асветы і расказала пра тое, як спадчына прападобнай Еўфрасінні працягвае натхняць і накіроўваць сучаснае духоўнае і культурнае развіццё, спрыяючы ўмацаванню духоўных традыцый Беларусі.
Прадстаўнікі Віцебскага гарадскога аддзялення грамадскага аб'яднання «Цэнтр праваслаўнай асветы прападобнай Еўфрасінні Полацкай» падзяліліся з удзельнікамі круглага стала інфармацыяй пра сваю дзейнасць. Паліна Новікава расказала пра сучасныя праекты і планы цэнтра па папулярызацыі спадчыны асветніцы Беларусі. А мастак-іканапісец і пісьменнік Аляксандр Цынкалаў распавёў прысутным пра сваю працу над кнігай і ўнікальным абразом святой Еўфрасінні.
Загадчык агульнай чытальнай залы Таццяна Патоцкая пазнаёміла ўдзельнікаў круглага стала з праектам «Святыя заступнікі Віцебшчыны», яскравай прадстаўніцай якога з'яўляецца прападобная ігумення Полацкая. Імя святой Еўфрасінні стала адным з першых, з каго пачалася праца над мультымедыйным рэсурсам.
Клірык храма Дабравешчання Прасвятой Багародзіцы горада Віцебска, протаіерэй Ігар Машкей падвёў вынік мерапрыемства, падкрэсліўшы яго важнасць для больш глыбокага разумення праваслаўнай веры і значэння святой Еўфрасінні для Беларусі.
У завяршэнне праграмы наведвальнікаў чакаў батлеечны паказ «Выбар Прадславы». Спектакль перанёс гледачоў у дзяцінства будучай прападобнай Еўфрасінні Полацкай. Гледачы змаглі акунуцца ў атмасферу старажытнага Полацка і даведацца пра гісторыю лёсавызначальнага выбару дзяўчыны, які змяніў не толькі яе жыццё, але і лёсы многіх пакаленняў.
Выстава «Пяром і малітвай» будзе працаваць у фае 3-га паверха бібліятэкі да 8 чэрвеня.
Запрашаем усіх жадаючых дакрануцца да багатай гісторыі і духоўнай спадчыны Беларусі!