
«Лабараторыя поспеху: ад ідэі да бізнесу»: сустрэча з прадстаўнікамі ААТ «Віцебскія дываны»
- Details
- Створана 17.04.2024 11:53
Чарговая сустрэча праекта «Лабараторыя поспеху: ад ідэі да бізнесу» ў рамках рэспубліканскага плана мерапрыемстваў па правядзенні Года якасці ў 2024 годзе адбылася 16 красавіка.
Старшакласнікі з віцебскай школы № 11 імя М. М. Бахціна пазнаёміліся з бягучымі тэндэнцыямі і інавацыямі ў тэкстыльнай прамысловасці.
Начальнік упраўлення па рабоце з персаналам ААТ «Віцебскія дываны» Наталля Буйко расказала школьнікам аб гісторыі развіцця прадпрыемства, летапіс якога вядзецца з 1898 года, асаблівасцях вытворчасці дываноў і запатрабаваных на прадпрыемстве спецыяльнасцях. Прадпрыемства актыўна сочыць за трэндамі і ўкараняе актуальныя тэхналогіі, выпускаючы шырокі асартымент прадукцыі высокай якасці, вядомай далёка за межамі Беларусі.
Наталля Буйко таксама расказала аб карпаратыўнай культуры прадпрыемства, сацыяльных праграмах і мерапрыемствах, накіраваных на падтрымку і развіццё персаналу.
ААТ «Віцебскія дываны» заўсёды рада маладым спецыялістам і гатова прадаставіць ім усе ўмовы для прафесійнага і кар'ернага росту.
Цяпер на прадпрыемстве, якое дынамічна развіваецца, працуюць 1300 чалавек. Магчыма, што іх шэраг папоўняць і ўдзельнікі гэтай сустрэчы, на памяць аб якой у рабят засталіся памятныя падарункі ад «Віцебскіх дываноў».
Праект «Лабараторыя поспеху» працягвае сваю работу, і наперадзе ўдзельнікаў чакаюць новыя цікавыя сустрэчы і знаёмствы з прадстаўнікамі розных сфер дзейнасці.