
Творчы вечар да 60-годдзя паэта Мікалая Намеснікава
- Details
- Створана 08.11.2022 10:05
3 лістапада ў бібліятэцы адбыўся творчы вечар «Этой дорогой идти и идти...» да 60-годдзя паэта, лаўрэата «Літаратурнай прэміі імя Петруся Броўкі» Віцебскага аблвыканкама Мікалая Намеснікава.
Павіншаваць паэта са знамянальнай датай прыйшлі калегі-пісьменнікі, прыхільнікі творчасці, аднакласнікі, педагогі, моладзь. Старшыня Віцебскага абласнога аддзялення ГА «Саюз пісьменнікаў Беларусі» Тамара Краснова-Гусачэнка павіншавала Мікалая Уладзіміравіча з прысваеннем звання «Ганаровы член Саюза пісьменнікаў Беларусі» і адзначыла яго высокія чалавечыя вартасці, грамадзянскую пазіцыю, паэтычны талент.
Цудоўным падарункам да юбілею стаў для паэта выхад у свет яго новага зборніка паэзіі «Спросите у земли», які выпушчаны выдавецтвам «Мастацкая літаратура». Мікалай Уладзіміравіч прачытаў вершы, што многім ужо палюбіліся, а таксама вершы з новай кнігі. А паэтэса Іна Саламаха выканала песню «Лістапад», радкі якой склаліся з некалькіх вершаў Мікалая Намеснікава. Добрыя словы віншаванняў прагучалі ад паэтэс Галіны Загурскай і Алены Фядзяевай, пісьменніка Сяргея Красава.
Свой працоўны шлях Мікалай Намеснікаў пачынаў у сярэдняй школе № 34 г. Віцебска. Цёпла і сардэчна павіншавалі Мікалая Уладзіміравіча педагогі-ветэраны школы, аднакласнік Ігар Пярэднеў, а таксама яго былая вучаніца, а цяпер школьны бібліятэкар Марына Анішчанка.