
Выстава «Віцебскі экслібрыс»
- Details
- Створана 31.10.2025 08:16
![]()
Выстава «Віцебскі экслібрыс» запрашае чытачоў і гасцей Віцебскай абласной бібліятэкі пазнаёміцца з унікальнай калекцыяй кніжных знакаў, сабранай віцебскім краязнаўцам Аркадзем Падліпскім.
Экслібрыс (ад лацінскага ex libris - «з кніг») уяўляе сабой мініяцюрную гравюру, якая выконвае ролю кніжнай пазнакі. Першапачаткова гэты знак уключаў ініцыялы ці прозвішча ўладальніка і прыляпляўся ўнутры вокладкі, падкрэсліваючы прыналежнасць кнігі. З часам экслібрыс ператварыўся ў вытанчаны мастацкі жанр і стаў прадметам калекцыянавання.
Восемдзесят чатыры кніжныя знакі прадстаўленыя ў вітрынах выставачнай залы «Ex Libris». Гэтыя творы створаны для жыхароў нашага горада шаснаццаццю вядомымі майстрамі, сярод якіх віцебскія мастакі Леанід Анцімонаў, Юрый Баранаў, Мікалай Гугнін, Георгій Кісялёў, а таксама савецкія графікі Зіновій Гарбавец і Міхаіл Панькоў.
Кожны экспанат выставы з'яўляецца адначасова сімвалам прыхільнасці ўладальніка да літаратуры, адлюстраваннем асаблівасцей яго асабістай бібліятэкі і сапраўдным творам мастацтва. Экслібрыс дазваляе раскрыць індывідуальнасць гаспадара і дэманструе талент аўтара, які ўмее ясна і выразна ўвасобіць задуму.
Унікальныя кніжныя знакі можна ўбачыць у выставачнай зале «Ex Libris» Віцебскай абласной бібліятэк імя У. І. Леніна да 24 снежня 2025 года.
Панядзелак – пятніца: 10:00-17:00 (па папярэднім запісе).
Кошт – 2,0 руб.
Тэл.: +375 (212) 67 00 28






























































