
Абласны семінар дырэктараў «Публічныя бібліятэкі Прыдзвіння: вынікі, дасягненні, праблемы»
- Details
- Створана 06.04.2015 14:04
1–2 красавіка на базе ўстаноў культуры Наваполацка і Полацка адбыўся абласны семінар дырэктараў гарадскіх і раённых сетак публічных бібліятэк Віцебскай вобласці «Публічныя бібліятэкі Прыдзвіння: вынікі, дасягненні, праблемы».
У рабоце семінара прынялі ўдзел галоўны рэдактар рэдакцыі перыядычных выданняў і выданняў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Л.Г. Кірухіна, намеснік начальніка ўпраўлення-начальнік аддзела навукова-метадычнага забеспячэння прававой інфарматызацыі НЦПІ І.А. Чупракова, дырэктар рэгіянальнага цэнтра прававой інфармацыі Л.М. Дорагава, прадстаўнікі беларускіх кнігагандлёвых арганізацый і выдавецтваў «Мет», «Эўрыка-М», Агенцтва Граўцова, выдавецкага дома «Звязда», кіраўнікі і спецыялісты ДУ «Віцебская абласная бібліятэка імя У.І. Леніна», карэспандэнты мясцовых і рэспубліканскіх сродкаў масавай інфармацыі.
Урачыстае адкрыццё семінара адбылося пры ўдзеле намесніка старшыні Наваполацкага гарвыканкама па сацыяльных пытаннях А.Г. Буевіча, а таксама начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Н.М. Марчанкі. У ходзе работы семінара абмяркоўваліся актуальныя пытанні развіцця бібліятэчнай справы ў Віцебскай вобласці, шляхі ўдасканалення сістэмы публічных цэнтраў прававой інфармацыі. Супрацоўнікамі цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы г. Наваполацка быў прадстаўлены вопыт па ўкараненні поўнага пакета АБІС ALIS-WEB, а таксама па развіцці праектнай дзейнасці.
Праграму работы семінара ў г. Полацку дапоўніла знаёмства з інавацыйнай дзейнасцю Полацкай раённай сеткі публічных бібліятэк. З прывітальным словам да ўдзельнікаў семінара звярнуўся намеснік старшыні Полацкага райвыканкама па сацыяльных пытаннях П.М. Пяткевіч. Намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі А.А. Астапава адзначыла прыярытэты ў развіцці сацыякультурнай сферы рэгіёну. У фармаце круглага стала ўдзельнікамі разглядаліся пытанні прафесійных кампетэнцый, бібліятэчнай статыстыкі і арганізацыі дзейнасці бібліятэк па фарміраванні падпіскі на сучасныя перыядычныя выданні.
У рамках семінара адбылося ўзнагароджанне пераможцаў абласных этапаў рэспубліканскіх конкурсаў «Бібліятэка – асяродак нацыянальнай культуры» і «Бібліятэка – цэнтр духоўнай асветы і выхавання».













































