Імя Якуба Коласа (сапр. Канстанціна Міхайлавіча Міцкевіча), народнага паэта Беларусі, двойчы лаўрэата Дзяржаўных прэмій СССР – за зборнік вершаў (1946) і паэму “Рыбакова хата” (1949), акадэміка АН Беларусі (1928), заслужанага дзеяча навукі Беларусі (1944) шырока вядомае ў нашай рэспубліцы і далёка за яе межамі.

(1882–1956)
Нарадзіўся Я. Колас 3 лістапада 1882 года ў сям’і лесніка. Малая радзіма класіка айчыннай літаратуры – засценак Акінчыцы Мінскага павета (цяпер у межах г. Стоўбцы Мінскай вобласці). Дзіцячыя гады будучага пісьменніка прайшлі ў лесніковых сядзібах Ласток (Сухошчына), Альбуць, што непадалёк ад в. Мікалаеўшчына, адкуль бацькі былі родам.
Творчая постаць Я. Коласа ў беларускай літаратуры фенаменальная. Ён выявіў сябе як магутны нацыянальны паэт, глыбокі, удумлівы празаік, драматург, публіцыст, педагог, перакладчык, вучоны і грамадскі дзеяч. Якуб Колас упісаў у гісторыю тысячагадовага беларускага пісьменства сваю адметную старонку ў выглядзе вершаў, паэм, алегарычных апавяданняў (“Казкі жыцця”), аповесцяў (“На прасторах жыцця”, “Дрыгва”, “Адшчапенец” і інш.), п’ес, педагагічных прац, публіцыстычных і літаратурна-крытычных артыкулаў… А трылогія “На ростанях” – адна з цікавейшых вяршынь у творчых пошуках Коласа-празаіка, твор канкрэтнай індывідуальнасці.
Міхась Лынькоў, пісьменнік:
– Яго светлая і чаруючая паэзія – гэта жывое дыханне народа, увасабленне яго мудрасці, яго любві да жыцця, да працы, яго спрадвечнага імкнення да свабоды і шчасця чалавека.
Кандрат Крапіва, пісьменнік:
– Янка Купала і Якуб Колас – два шчырыя сябры, два волаты беларускай літаратуры, яе гордасць і слава. Іх вялікая дружба пачалася ў бурныя гады рэвалюцыі 1905 года, калі яны, маладыя і мужныя, упершыню выйшлі на літаратурную арэну, каб змагацца за свабоду і шчасце беларускага народа, якому яны прысвяцілі ўсё сваё жыццё…
Імем Коласа названы Інстытут мовазнаўства і Цэнтральная навуковая бібліятэка Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр у Віцебску, плошчы і вуліцы, школы і бібліятэкі ў многіх населеных пунктах Беларусі, буйное вытворчае паліграфічнае прадпрыемства ў Мінску.
Працуюць Літаратурна-мемарыяльны музей Якуба Коласа ў Мінску (з філіялам, які ўключае мемарыяльныя сядзібы Акінчыцы, Альбуць, Ласток, Смольня), літаратурна-этнаграфічныя музеі ў Люсіне і Пінкавічах. Створаны Коласаўскі заказнік у Стаўбцоўскім раёне, дзе адкрыты мастацка-мемарыяльны комплекс "Шлях Коласа", які налічвае больш за 40 драўляных скульптур па матывах твораў пісьменніка. Грамадскія літаратурныя музеі дзейнічаюць у сярэдніх школах вёсак Люсіна Ганцавіцкага, Пінкавічы Пінскага раёнаў Брэсцкай вобласці, Верхмень Смалявіцкага, Мікалаеўшчына Стаўбцоўскага, пасёлка Лясны Мінскага раёнаў Мінскай вобласці.
Помнікі Коласу пастаўлены на плошчы яго імя ў Мінску і на магіле на Вайсковых могілках, на радзіме ў вёсцы Мікалаеўшчына, у горадзе Навагрудку Гродзенскай вобласці, вёсцы Плоскае Талачынскага раёна Віцебскай вобласці. У Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі існуе мемарыяльны пакой Коласа. На будынках, дзе жыў і працаваў народны паэт Беларусі ўстаноўлены мемарыяльныя дошкі. Вобраз пісьменніка ўвасоблен ў творах выяўленчага мастацтва. Партрэт пісьменніка змяшчаўся на паштовых марках і паштоўках, на манеце, выпушчанай да 110-годдзя з дня яго нараджэння. Жыццё і дзейнасць Якуба Коласа пакладзены ў аснову фільмаў: "Народны паэт" (1952 г.), "Якуб Колас" (1962 г.), "Дзядзька Якуб" (1982 г.).
Творы Якуба Коласа ўвасоблены ў тэатральным, музычным, кінематаграфічным мастацтве. У тэатрах ставіліся п'есы паводле яго апавяданняў, аповесцей, трылогіі. Ю. Семянякам створана опера па паэме "Новая зямля", Ю. Багатыровым па аповесці "Дрыгва" - опера "У пушчах Палесся". На словы Якуба Коласа напісана шмат музычных твораў. Кампазітары выкарыстоўвалі коласаўскую паэзію для напісання песень і рамансаў. Яшчэ ў 1929 г. быў зняты фільм "Песня вясны" (рэжысёр В. Гардзін) паводле аповесці Якуба Коласа "На прасторах жыцця". У 1960–1961 гг. экранізавана трылогія "На ростанях" (фільм "Першыя выпрабаванні", рэжысёр Ул. Корш-Саблін).
За межамі Беларусі з творчасцю Якуба Коласа знаёмы жыхары многіх краін свету. Яго творы (пераважна паэтычныя) перакладзены больш чым на 40 замежных моў, у тым ліку на найбольш распаўсюджаныя – англійскую, нямецкую, французскую, іспанскую, кітайскую. Асобае месца сярод перакладаў твораў займаюць выданні на славянскіх мовах – рускай, польскай, украінскай. На рускай мове ў розны час выходзілі тры зборы твораў Якуба Коласа. Рэгулярна праводзяцца прысвечаныя творчасці паэта Міжнародныя навуковыя канферэнцыі, па выніках якіх выдаюцца зборнікі матэрыялаў "Каласавіны".
Да 130-годдзя з дня нараджэння народнага песняра Беларусі аддзел краязнаўчай літаратуры і бібліяграфіі падрыхтаваў цыкл выстаў пад назвай «ДУМ УЛАДАР – МУДРЫ, ЗЯМНЫ, НЕЗАБЫЎНЫ».
Выпрабаванне на чалавечнасць: хрысціянская філасофія жыцця ў прозе Я. Коласа
Энцыклапедыя народнага побыту : асаблівасці паэмы Я. Коласа “Новая зямля"
Я вас любіў чыстым юнацкім сэрцам…: Я. Колас – педагог
Коласаўскія адрасы радзімы: памятныя мясціны, музеі, помнікі
Вечная прага нязбытнага: мастацкія нюансы паэмы Я. Коласа “Сымон-музыка”
Пра тое ведаюць людзі: перачытваючы “Казкі жыцця” Я. Коласа
Шматграннасць адлюстравання: Якуб Колас у мастацтве
Што захавала ўдзячная памяць: узгадваючы Коласа
Так пісаў Я. Колас: моўнае багацце літаратурнай спадчыны пісьменніка
Стаіць мая хата між хвой кучаравых…: малавядомыя факты з біяграфіі Я. Коласа
Пад жыватворным уплывам Коласа: творчасць песняра ў кантэксце сусветнай літаратуры