Сустрэча «Літаратурны стыль»
- Details
- Створана 14.11.2024 15:27
Сустрэча «Літаратурны стыль», арганізаваная Міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь і Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі, прайшла 13 лістапада ў абласной бібліятэцы.
Гэта была першая з запланаваных сустрэч з кіраўнікамі і спецыялістамі па камплектаванні фондаў бібліятэк краіны. Удзельнікамі таксама сталі прадстаўнікі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў і пісьменнікі.
З прывітальным словам да ўдзельнікаў мерапрыемства звярнуўся начальнік упраўлення культуры Віцебскага абласнога выканаўчага камітэта Пётр Падгурскі, які падкрэсліў прадуктыўнасць такіх сустрэч і эфектыўнасць у вырашэнні актуальных пытанняў.
Ірына Карповіч, начальнік упраўлення культуры Міністэрства культуры, звярнула ўвагу на важнасць супрацоўніцтва паміж выдаўцамі, пісьменнікамі і бібліятэкамі, а таксама неабходнасць папулярызацыі чытання.
Кандыдат гістарычных навук, галоўны бібліёграф Нацыянальнай бібліятэкі Люцыя Тупчыенка-Кадырава прэзентавала кнігу «Газетныя радкі чытаючы сэрцам. 1944», выдадзеную да 80-годдзя вызвалення Беларусі. Яна расказала аб фактах вызвалення тэрыторыі Беларусі, адзначыўшы, што пры стварэнні кнігі былі выкарыстаны беларускія газеты з фондаў бібліятэкі, і анансавала працяг праекта з публікацыяй другой часткі кнігі.
На перспектыўным плане выпуску сацыяльна значных выданняў у 2025 годзе падрабязна спыніўся Аляксандр Карлюкевіч, дырэктар – галоўны рэдактар Выдавецкага дома «Звязда». Аляксандр Мікалаевіч абазначыў, што ў План увайшло 33 найменні выданняў, з якіх 15 фінансуецца Міністэрствам інфармацыі і 18 самаакупных, прааналізаваў колькасны склад літаратуры, якая выпускаецца беларускімі выдавецтвамі.
Выдатным дадаткам сустрэчы стала выступленне беларускай дзіцячай пісьменніцы Кацярыны Хадасевіч-Лісавай, якая падзялілася інфармацыяй аб сваіх новых кнігах і адзначыла значнасць дзіцячай літаратуры для фарміравання асобы.
Завяршылася сустрэча абмеркаваннем пытанняў камплектавання бібліятэчных фондаў, падрыхтоўкі і перападрыхтоўкі кадраў, тыпавых штатаў і форм дзяржаўнай статыстычнай справаздачнасці.