Мультымедыйны рэсурс «Ваенныя дарогі бібліятэкараў Віцебшчыны»
- Details
- Створана 05.09.2024 13:50
Прэзентацыя мультымедыйнага рэсурсу «Ваенныя дарогі бібліятэкараў Віцебшчыны», прысвечанага ўкладу работнікаў бібліятэк Віцебскага краю ў набліжэнне Перамогі, адбылася ў бібліятэцы 4 верасня.
У 2024 годзе Віцебская абласная бібліятэка адзначае дзве важныя падзеі: 80-годдзе вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і 95-годдзе з дня заснавання. Перад супрацоўнікамі бібліятэкі ўзнікла пытанне: ці былі сярод іх калег тыя, хто ўдзельнічаў у Вялікай Айчыннай вайне? Пачалі праглядаць дакументы, вывучаць матэрыялы, збіраць факты. Першапачаткова такое даследаванне праводзілася на базе абласной бібліятэкі, а з цягам часу да працы падключыліся і бібліятэчныя сістэмы рэгіёна. Інфармацыі сабралася дастаткова, і ўзнікла ідэя гэтыя звесткі сістэматызаваць. Так з'явіўся электронны рэсурс «Ваенныя дарогі бібліятэкараў Віцебшчыны», прысвечаны ўкладу работнікаў бібліятэк Віцебскага краю ў набліжэнне Перамогі.
Яго асноўная мэта – захаваць памяць аб бібліятэкарах – удзельніках Вялікай Айчыннай вайны, якія працавалі ў бібліятэках г. Віцебска і Віцебскай вобласці.
Загадчыца агульнай чытальнай залы Таццяна Патоцкая пазнаёміла прысутных са структурай праекта, дзе на гэты момант прадстаўлена інфармацыя аб 42 бібліятэкарах, якія ў гады Вялікай Айчыннай вайны ваявалі ў Чырвонай арміі, бралі ўдзел у падпольным і партызанскім руху.
Аб кожным з іх прадстаўлена падрабязная інфармацыя: гады жыцця, адукацыя, удзел у баявых аперацыях, работа ў бібліятэчнай сферы, узнагароды і бібліяграфія. Акрамя таго, праект дапоўнены інтэрактыўнымі плакатамі і інфаграфікай, што робіць яго больш наглядным і цікавым для карыстальнікаў.
Ганаровы госць прэзентацыі Кацярына Сідаровіч – дачка адной з удзельніц праекта Леаніды Тарасевіч, расказала пра сваю кнігу «Богачка», якую яна прысвяціла сваёй маці, і прачытала свае вершы.
Праект не абмяжоўваецца жыццяпісам бібліятэкараў – удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны. Праз прызму іх лёсаў можна прасачыць гісторыю адраджэння бібліятэчнай сеткі ў Віцебскай вобласці ў пасляваенны час.
Вядучы архівіст Установы «Дзяржаўны архіў Віцебскай вобласці» Антон Юпатаў, даследаванні якога ляглі ў аснову аднаго з раздзелаў праекта, падзяліўся чарговымі знаходкамі і фактамі з гісторыі адраджэння бібліятэчнай сістэмы ў пасляваенны час.
Асобна разгледжана ваенная старонка Віцебскай абласной бібліятэкі імя У. І. Леніна, супрацоўнікі якой таксама ўнеслі свой уклад у справу Перамогі. Дырэктар бібліятэкі Таццяна Адамян адзначыла ў сваім выступленні значнасць праекта і ад імя ўсяго калектыву выказала гонар за сваіх калег.
У прэзентацыі праекта прыняў удзел пастаянны чытач бібліятэкі Канстанцін Гайдукоў. Яго цікавасць да краязнаўства Віцебшчыны дала магчымасць аптымізаваць работу бібліятэкараў у час падрыхтоўкі інфармацыі для інтэрактыву. У якасці прыкладу аўтары праекта прадставілі гледачам магчымасць прыняць удзел і праверыць свае веды ў анлайн віктарыне «Пра вайну мы даведаліся з кніг».
Работа над рэсурсам будзе працягнута. «Ваенныя дарогі бібліятэкараў Віцебшчыны» – гэта даніна памяці нашым калегам – удзельнікам Вялікай Айчыннай вайны. Берагчы гэтую памяць – наш святы абавязак.