«Наши библиотеки: читать по-русски»
- Details
- Створана 04.09.2024 07:22
Віцебская абласная бібліятэка імя У. І. Леніна прыняла ўдзел ва ўнікальнай праграме прафесійнага развіцця «Наши библиотеки: читать по-русски», якая праходзіла ў Санкт-Пецярбургу з 25 жніўня па 1 верасня 2024 года.
Гэты праект ужо другі год ажыццяўляецца Цэнтральнай гарадской публічнай бібліятэкай імя У. У. Маякоўскага па ініцыятыве Камітэта па знешніх сувязях Санкт-Пецярбурга пры арганізацыйнай падтрымцы Россупрацоўніцтва. У мэтах абмену вопытам і крэатыўнымі ідэямі ў паўночную сталіцу прыехалі прадстаўнікі 10 краін: Абхазіі, Азербайджана, Арменіі, Беларусі, Індыі, Казахстана, Кыргызстана, Манголіі, Узбекістана і Паўднёвай Асеціі. У гэтым маштабным мерапрыемстве ў складзе самай шматлікай дэлегацыі з Беларусі (15 чалавек) прыняла ўдзел загадчык агульнай чытальнай залы абласной бібліятэкі Таццяна Патоцкая.
Падчас праграмы ўдзельнікі паспелі азнаёміцца з лепшымі практыкамі бібліятэк Санкт-Пецярбурга ў галіне фарміравання фондаў, выкарыстання электронных рэсурсаў, узаемадзеяння з іншымі культурнымі ўстановамі і стратэгіі пашырэння аўдыторыі.
Кожная частка адукацыйнай праграмы праводзілася на аснове існуючых практык бібліятэчных устаноў Санкт-Пецярбурга: Расійскай нацыянальнай бібліятэкі, Прэзідэнцкай бібліятэкі і многіх іншых, з кіраўніцтвам якіх бібліятэкарам удалося правесці рабочыя сустрэчы. Глыбока ўразілі ўдзельнікаў праграмы бібліятэкі Чырвонагвардзейскага раёна Санкт-Пецярбурга. Арт-рэзідэнцыя «Шкаф», бібліятэка «Сфера» і бібліятэчна-культурны цэнтр «Нота» прадэманстравалі канцэптуальную напоўненасць і іх сувязь з патрэбамі супольнасцей, у якіх яны існуюць.
У гэтым годзе праграма дапоўнілася наведваннем інклюзіўных бібліятэк і азнаямленнем з іх работай на прыкладзе Санкт-Пецярбургскай дзяржаўнай бібліятэкі для сляпых і людзей са слабым зрокам і Санкт-Пецярбургскай цэнтральнай дзіцячай бібліятэкі імя А.С. Пушкіна.
Акрамя прафесійных візітаў, для бібліятэкараў была праведзена навучальная сесія «Создаем проект, нужный людям. Поиск идей через алгоритмы дизайн-мышления». Актыўная групавая работа дала магчымасць удзельнікам аформіць пяць праектных ідэй для далейшай сумеснай работы па асноўных напрамках развіцця сучаснай бібліятэкі.
У дадатку да адукацыйнай часткі праграмы Камітэт па знешніх сувязях Санкт-Пецярбурга правёў для бібліятэкараў аўтобусна-пешаходную экскурсію па горадзе, арганізаваў наведванне музея-запаведніка «Гатчина», Літаратурнага музея «XX век», дзяржаўнага тэатра «Балтийский дом» і шоу «Поющие мосты».
Досвед, атрыманы супрацоўнікам нашай бібліятэкі падчас праграмы, стане выдатным стартам для ўвасаблення новых ідэй у рабоце ўстановы.