Тэматычны вечар «Тры штыкі вартуюць цішыню...». Прэзентацыя перавыдання кнігі «Витебское подполье»
- Details
- Створана 27.06.2024 14:48
26 чэрвеня, у Дзень вызвалення Віцебска ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, у абласной бібліятэцы адбыўся тэматычны вечар, прысвечаны значным падзеям у жыцці горада Віцебска: 1050-годдзю з дня заснавання і 80-годдзю вызвалення.
Кранаючыя і ўрачыстыя радкі верша Анатоля Канапелькі сталі назвай гэтай сустрэчы. Юбілейная дата і ў віцебскіх «Трох штыкоў» – своеасаблівага сімвалу горада: 50 год назад, 30 чэрвеня 1974 года ў гонар 30-годдзя вызвалення Віцебска ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў былі адкрыты помнік-манумент воінам-вызваліцелям, партызанам і падпольшчыкам Віцебшчыны і сама плошча Перамогі.
Пра тое, як прыйшло доўгачаканае вызваленне ў знясілены і спустошаны вайной горад, сведчаць кадры ваеннай хронікі. Намеснік дырэктара Дзяржаўнага архіва Віцебскай вобласці Таццяна Буевіч прадставіла ўвазе прысутных унікальны запіс пра вызваленне Віцебска з фонду Беларускага дзяржаўнага архіва кінафотафонадакументаў.
Цэнтральнай падзеяй мерапрыемства стала прэзентацыя трэцяга выдання кнігі «Витебское подполье» Ніны і Мікалая Дарафеенкаў, Мікалая Пахомава. Упершыню кніга пра герояў патрыятычнага падполля горада над Дзвіной убачыла свет 55 гадоў таму, у 1969 годзе. Ініцыятар трэцяга выдання кнігі – Віцебская абласная бібліятэка імя У. І. Леніна. Перавыданне кнігі стала магчымым дзякуючы падтрымцы старшыні Саюза пісьменнікаў Беларусі, дырэктара-галоўнага рэдактара «Выдавецкага дома "Звязда"» Алеся Карлюкевіча. Намеснік старшыні Саюза пісьменнікаў Беларусі, намеснік дырэктара «Выдавецкага дома "Звязда"», галоўны рэдактар газеты «Літаратура і мастацтва» Аляксей Чарота расказаў пра мэтанакіраваную працу па выданні кніг патрыятычнага накірунку, прысвечаных тэме Вялікай Айчыннай вайны, прадставіў навінкі выдавецтва і ўручыў Дыпломы РВУ «Выдавецкага дома "Звязда"» за плённае супрацоўніцтва, папулярызацыю сучаснай беларускай літаратуры і рэалізацыю сумесных кніжных праектаў дырэктару бібліятэкі Таццяне Адамян і загадчыку аддзела краязнаўства Ларысе Рагачовай.
Адзін з укладальнікаў трэцяга выдання, загадчык кафедры гісторыі і культурнай спадчыны Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П. М. Машэрава Анатоль Дулаў адзначыў, што дакументальнае апавяданне дапоўнена апошнім артыкулам Ніны Дарафеенкі пра ролю Веры Харужай у дзейнасці віцебскага патрыятычнага падполля. У новае выданне ўключаны фотаздымкі ўдзельнікаў патрыятычнага падполля з фотаальбома, складзенага Нінай Дарафеенкай.
Сваімі ўспамінамі пра сустрэчу з Нінай Дарафеенкай і дачкой Веры Харужай Ганнай Шляпнікавай падзялілася старшыня праўлення Віцебскага абласнога аддзялення Беларускага фонду міру Таццяна Туманава. Вялікую падзяку за перавыданне знакавай для Віцебска кнігі выказалі дачка Ніны і Мікалая Дарафеенкаў Валянціна Кучарэнка, краязнаўца Аркадзь Падліпскі і работнік культуры, адзін з першых экскурсаводаў па экспазіцыі «Памяці патрыётаў Віцебшчыны» Віцебскага абласнога краязнаўчага музея Вольга Акуневіч.