Літаратурна-музычны вечар «И, значит, нам нужна одна Победа...»
- Details
- Створана 15.05.2024 13:20
9 мая споўнілася 100 гадоў з дня нараджэння чалавека-эпохі, цудоўнага паэта і празаіка, кінадраматурга Булата Шалвавіча Акуджавы.
Імя гэтага чалавека непарыўна звязанае з Днём Перамогі не толькі дзякуючы гістарычнаму супадзенню з яго датай нараджэння. Тэма вайны займала важнае месца ў яго творчасці, і мела глыбока асабістыя карані, бо сам Акуджава ваяваў на франтах Вялікай Айчыннай.
Булату было ўсяго сямнаццаць, калі ён упершыню пачуў выбухі снарадаў і прайшоў баявое хрышчэнне. У 1942 годзе юнак паўгода штурмаваў Тбіліскі ваенкамат, перш чым яго адправілі на фронт добраахвотнікам. Ён служыў мінамётчыкам, потым радыстам, быў паранены ў баях, і вайну ведаў не па чутках. Успаміны ваенных гадоў Акуджава прапусціў праз сэрца і стварыў радкі, якія да гэтага часу выклікаюць трапятанне ў чытачоў і слухачоў.
Як прызнанне ў каханні жыцця, людзям, дабру 8 мая ў абласной бібліятэцы прагучала песенная паэзія Булата Акуджавы. Госці вечара пазнаёміліся не толькі з асноўнымі вехамі жыцця і творчасці юбіляра, але і змаглі атрымаць асалоду ад выканання вядомых твораў Акуджавы. Яго музыка жыве ў сэрцах розных пакаленняў, а радкі песень хоць раз чуў кожны: «Бери шинель, пошли домой», «До свидания, мальчики», «Ваше благородие». Гэтыя і іншыя песні прагучалі ў выкананні Валянціны Грачанік, Пятра Захарава, народнага тэатра-студыі аўтарскай песні і народнага моладзевага тэатра «Кола» Цэнтра культуры «Віцебск».
Песня «Нам нужна одна победа», якая стала гімнам усіх, хто прайшоў Вялікую Айчынную, прагучала данінай памяці загінуўшым у той вайне.
Тэма вызвалення нашай радзімы ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў працягнулася ў выступленні намесніка дырэктара Дзяржаўнага архіва Віцебскай вобласці Таццяны Буевіч. Гасцям мерапрыемства ўпершыню былі прадстаўленыя ўнікальныя кадры рассакрэчанай ваеннай хронікі вызвалення Віцебска.
Вечар стаў выдатнай магчымасцю для ўсіх аматараў творчасці Булата Акуджавы дакрануцца да творчасці выдатнага паэта, пісьменніка і барда, і аддаць даніну павагі гэтаму выбітнаму чалавеку, які і дагэтуль працягвае натхняць сваім талентам шматлікія сэрцы.