VIII навукова-практычная канферэнцыя «Віцебскі край: да года гістарычнай памяці»
- Details
- Створана 25.11.2022 13:20
24 лістапада ў бібліятэцы адбылася VIII навукова-практычная канферэнцыя «Віцебскі край: да Года гістарычнай памяці». Больш за 60 беларускіх вучоных-гісторыкаў і краязнаўцаў падзяліліся напрацоўкамі і вынікамі новых даследаванняў у розных напрамках гістарычнай навукі ў вочным фармаце.
Арганізатарамі канферэнцыі выступілі Віцебская абласная бібліятэка імя У. І. Леніна, Інстытут гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, Віцебскі абласны краязнаўчы музей.
На ўрачыстым адкрыцці канферэнцыі з прывітальным словам да ўдзельнікаў звярнуліся дырэктар Віцебскай абласной бібліятэкі Таццяна Адамян, галоўны спецыяліст упраўлення культуры Віцебскага аблвыканкама, кандыдат гістарычных навук Дзяніс Юрчак, дырэктар Віцебскага абласнога краязнаўчага музея Таццяна Старынская, намеснік дырэктара па навуковай рабоце Інстытута гісторыі НАН Беларусі, кандыдат гістрычных навук, дацэнт Павел Трубчык. У фонд Віцебскай абласной бібліятэкі былі перададзены выданні супрацоўнікаў Інстытута гісторыі НАН Беларусі.
На пленарным пасяджэнні канферэнцыі былі прадстаўлены даклады навуковага супрацоўніка аддзела навукова-інфармацыйнай работы Інстытута гісторыі НАН Беларусі Марыны Зінчанкі, загадчыка цэнтра гісторыі Беларусі канца XVIII–XXI стагоддзяў Інстытута гісторыі НАН Беларусі, доктара гістарычных навук, дацэнта Мікалая Смяховіча, галоўнага спецыяліста ўпраўлення культуры Віцебскага аблвыканкама, кандыдата гістарычных навук Дзяніса Юрчака, археолага, дактаранта Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі, кандыдата гістарычных навук, дацэнта Леаніда Калядзінскага, загадчыка аддзела інфармацыйна-пошукавых сістэм і аўтаматызаваных архіўных тэхналогій Дзяржаўнага архіва Віцебскай вобласці Алены Бондаравай.
Плённа прайшла работа секцый «Гістарычнае краязнаўства. Віцебскі край ад старажытнасці да 1917 г.», «Гістарычнае краязнаўства. Віцебскі край з 1918 г. да сучаснасці» і «Краязнаўства ў сістэме гуманітарных навук». Прагучалі цікавыя выступленні гісторыкаў, спецыялістаў сферы культуры, архівістаў і краязнаўцаў.
Па выніках канферэнцыі будзе выдадзены аднайменны зборнік матэрыялаў.