Прэзентацыя кнігі Франца Сіўко «Што раньш было»
- Details
- Створана 14.11.2022 12:58
10 лістапада ў бібліятэцы ў рамках цыкла «Краязнаўчыя сустрэчы» адбылася прэзентацыя кнігі краязнаўчых даследаванняў празаіка, публіцыста, краязнаўцы Франца Сіўко «Што раньш было».
У навукова-папулярнае выданне ўвайшлі артыкулы краязнаўчага зместу, якія тэматычна звязаны з малой радзімай пісьменніка – вёскай Міжрэчча на Мёршчыне і яе ваколіцах. Франц Сіўко даследаваў тапонімы ніжняга цячэння ракі Вяты, гісторыю вёскі Міжрэчча ад XVI стагоддзя да сённяшняга часу. У час прэзентацыі Франц Іванавіч расказаў прысутным пра свае краязнаўчыя пошукі, вандроўкі, прадэманстраваў мноства фотаздымкаў з маляўнічай Мёршчыны.
Разважаючы пра тое, што «кожны з нас прыпасае Радзімы куток...», ён падзяліўся ўспамінамі пра наведванне родных мясцін паэта Аляксандра Твардоўскага на Смаленшчыне, паказаў унікальную кнігу «Я помню осиновый хутор...: впервые – из загорьевского творчества поэта» з аўтографам брата А. Твардоўскага.
З цікавасцю ўсе слухалі аповед пра жыхароў Міжрэчча, асаблівасці іх гаворкі, побыту. Гэтыя ўспаміны пра родную Мёршчыну найбольш узрушана ўспрымалі землякі пісьменніка – мастак Вячаслаў Шамшур, пісьменніца Алена Масла, бібліёграф Алена Кароткіна. А паэтэса Людміла Сіманёнак адгукнулася на аповед Франца Сіўко вершам пра вёску.
Вялікую значнасць такіх грунтоўных краязнаўчых даследаванняў падкрэсліў рэцэнзент кнігі – загадчык кафедры гісторыі і культурнай спадчыны Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П. М. Машэрава, кандыдат гістарычных навук Анатоль Дулаў.
На працягу мерапрыемства гучалі мелодыі пад акампанемент гітары ў цудоўным выкананні навучэнца Віцебскага дзяржаўнага музычнага каледжа імя І. І. Салярцінскага Ільі Маркава. Верш Аляксандра Твардоўскага «А сутнасць у адзіным запавеце...» у перакладзе на беларускую мову Уладзіміра Папковіча, які Франц Сіўко прачытаў на завяршэнне прэзентацыі, прагучаў як аўтарскае крэда і даў глебу для роздуму кожнаму з удзельнікаў сустрэчы.