Літаратурна-музычная вечарына «Для шчасця шчодрая душа»
- Details
- Створана 08.06.2022 14:05
7 чэрвеня ў бібліятэцы адбылася літаратурна-музычная вечарына «Для шчасця шчодрая душа», прысвечаная 85-годдзю з дня нараджэння паэта, празаіка, ганаровага члена Саюза пісьменнікаў Беларусі Барыса Беляжэнкі.
Пра вялікі ўнёсак Барыса Беляжэнкі ў літаратуру, раскрыццё яго таленту ў многіх літаратурных жанрах, пра кнігі пісьменніка расказала старшыня Віцебскага абласнога аддзялення ГА «Саюз пісьменнікаў Беларусі» Тамара Краснова-Гусачэнка. Прайшоўшы шлях ад старшага піянерважатага ў Шумілінскім раёне, загадчыка Чашніцкага раённага аддзела народнай адукацыі, намесніка старшыні Чашніцкага райвыканкама, загадчыка сектара друку, тэлебачання і радыё Віцебскага абкама партыі, Барыс Беляжэнка праяўляў сябе неабыякавым чалавекам з актыўнай грамадзянскай пазіцыяй.
Намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі Віцебскага аблвыканкама Пётр Гнуценка звярнуў увагу прысутных на гэты бок жыцця Барыса Беляжэнкі і прачытаў верш паэта «Калі ў маю вёску прыйшла Перамога». Тэму ваеннага дзяцінства пісьменніка, якая найбольш яскрава была раскрыта ў яго апошняй кнізе «Дарога Бачэйкава – Бешанковічы», закранула таксама вядучая вечарыны, загадчык аддзела краязнаўства Ларыса Рагачова.
Барыс Беляжэнка быў жаданым госцем у бібліятэках нашай вобласці. Бібліятэкар Бачэйкаўскай сельскай бібліятэкі імя Б. П. Беляжэнкі Ларыса Піўчэўская расказала пра ўшанаванне памяці пісьменніка на малой радзіме і прачытала яго верш «Я з Беларусі, з-пад Бачэйкава...». Бібліятэкар і паэтэса Валянціна Шырынава ўзгадала пра сустрэчы з Барысам Беляжэнкам у Цэнтральнай гарадской бібліятэцы імя М. Горкага.
Сваё слова пра Барыса Беляжэнку таксама сказалі пісьменнікі – члены Віцебскага абласнога аддзялення ГА «Саюз пісьменнікаў Беларусі» Мікалай Намеснікаў, Вольга Русілка, Андрэй Герашчанка, Ірына Радзіхоўская. Стваральнік Віцебскага маладзёжнага хора Віталь Раўза нагадаў пра свае песні на вершы Барыса Беляжэнкі, якія выконваюцца на многіх конкурсах. Успамінамі пра старэйшага сябра падзяліўся мастак Алег Кірушкін. Прачула і ўзнёсла чытала вершы паэта член клуба «Сяброўства» Людміла Станкевіч.
Падарункам знакамітаму земляку і ўсім удзельнікам вечарыны стала яскравае выступленне народнага самадзейнага калектыву «Крыніца» Бачэйкаўскага сельскага Дома культуры.